Новости проекта
Мобильное приложение Schools.by
Голосование
Как Вам новый сайт?
Всего 62 человека

Народны каляндар

Дата: 13 октября 2016 в 16:49, Обновлено 13 октября 2016 в 16:55

НАРОДНЫ КАЛЯНДАР “ПАКРОВЫ”

Аднойчы халодным кастрычніцкім днём Святланка ўвайшла ў свой двор і міжволі спынілася. Яшчэ раніцай, калі яна спяшалася ў школу, маладзенькая груша, што расла недалёка ад ганка, зіхацела жоўта-аранжавымі лісточкамі. Здавалася, што нехта ўпрыгожыў яе тоненькія галінкі залатымі манетамі. I вось табе: ні лісточка! Дзяўчынка нават падышла да дрэўца. Пад яе нагамі зашамацела калянае сухое лісце, а на самую верхнюю галінку грушы селі дзве птушачкі і адразу заціўкалі: ціў-ціў... У гэты момант з хаты выйшаў Святланчын дзядуля, пабачыў Святланку і гукнуў яе:

-  Ну і чаго ты стаіш там, унучачка? Дзівішся, як хутка вецер лісце паабрываў? А ён жа яшчэ з ночы расшумеўся, бяжы хутчэй у хату, не стой на ветры!

Але Святланка ў хату не пабегла. Яна назірала за птушачкамі, якія, як толькі дзед паклікаў яе, тут жа ўзняліся з галінкі. Адна з ціўканнем паляцела ў глыб двара, да хлява, а другая - да суседчынай хаты. Закружыла каля акна, зазіраючы ў яго. Тым часам дзядуля падышоў да Святланкі, і яна папракнула яго:

-  Ты так раскрычаўся, дзядуля, што птушкі спалохаліся! А няхай бы сядзелі на дрэўцы.

-  Э-э, унучачка, ты мовы птушынай не ведаеш, - сказаў дзед. - А я скумекаў, што не расседжвацца да грушыны яны прыляцелі,  а толькі  паглядзець,  ці ўсё лісцейка апала з яе, ці падрыхтавалася яна   халады   сустрэць,   як   і   належыць гэтай парою. Вось і да хлява адна птушачка паляцела, каб зірнуць, ці ўсё там упарадчана, - дзядуля пасміхнуўся: - А другая, бач ты, каля акна суседчынага носіцца! Эх і карціць жа ёй хоць краёчкам вока  падгледзець,   як там  да   вяселля рыхтуюцца! Валя ж суседчына замуж ідзе. - А адкуль птушачка можа ведаць пра вяселле? - запыталася ў дзядулі Святланка.

-  Ну, гэтага я дакладна табе сказаць не магу, - зноў усміхнуўся дзед. - А вось пра тое, што сёння Пакровы, яны, напэўна, ад некага чулі. Можа, і пра вяселле чутка дайшла да іх. А людзі як кажуць пра сённяшняе свята, хіба ты не ведаеш?

- Не-е, - ціха адказала Святланка.

-  Дык ведай і запомні, унучачка. Яшчэ ад далёкіх продкаў нашых пайшло, што "Пакровы накрываюць траву лістам, зямлю снегам, ваду лёдам, а  дзяўчат  шлюбным  чэпкам".   Пасля Пакроваў вяселлі спраўляць пачынаюць. А яшчэ і такое пачуць ад людзей можна: "На Пакровы дай сена карове". Вось, відаць, і паляцела птушачка да хлява, каб паглядзець, ці не галодная там кароўка наша. А я якраз і іду ў хлеў, каб пакарміць яе духмяным сенцам.  3 сённяшняга дня  каровак на пашу не выганяюць. Адным словам, "прыйшлі   Пакровы,   пытаюць,   ці   да зімы мы гатовы?" Ну дык бяжы ў хату, не мерзні!

Святланка тым днём вельмі хутка зрабіла ўрокі, але не пайшла на вуліцу, каб пагуляць з сяброўкамі, як гэта рабіла звычайна. Замест гэтага дастала з паліцы альбом для малявання і рознакаляровыя алоўкі. Яна доўга і старанна малявала маладзенькую грушу, дыванок, сатканы з залатога лісця, што раскінуўся пад ёю. А яшчэ і дзвюх птушачак, што сядзелі на самай верхняй галінцы. I, калі малюнак быў гатовы, зрабіла пад ім подпіс: "Пакровы. 14 кастрычніка".

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.